“Дрэвы саджаю — і гэтым ганаруся! Будзе зялёнай мая Беларусь!” – такі слоган Тыдня лесу-2019. Нагадаем, што сёлета рэспубліканская акцыя “Тыдзень лесу”, якая праходзіць з 13 па 20 красавіка, прымеркавана да Году малой радзімы і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Адным з галоўных раённых мерапрыемстваў стала пасадка 10-ці тысяч саджанцаў на дзялянцы паміж пасёлкам Бобр і вёскай Вялікі Лес на тэрыторыі Бобрскага вопытна-вытворчага лясніцтва. Уздоўж дарогі па два рады ліп, а на асноўнай дзялянцы па два рады бярозак і восем — сасёнак на плошчы ў 1,7 гектара высаджвалі прадстаўнікі раённай улады, Крупскага раёна газазабеспячэння, раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “БРСМ”, раённага аддзела па надзвычайным сітуацыям і леснікі Бобрскага лясніцтва.
У гэты дзень стаяла цудоўнае сонечнае надвор’е. У вясеннім лесе лёгка дыхалася, адчувалася, што прырода прабудзілася ад зімовай спячкі і цяпер здзіўляе і радуе ўсіх сваёй свежасцю і прыгажосцю.
Падчас размовы з удзельнікамі акцыі дырэктар Крупскага лясгаса Мікалай Усеня адзначыў:
— Лес – нацыянальнае багацце. Гэта важкі эканамічны і экалагічны рэсурс, які патрабуе руплівых адносін. На важнасць задачы азелянення звяртаў увагу і Прэзідэнт на нядаўна праведзенай нарадзе па пытаннях рэгіянальнага развіцця. Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, гаварыў, што сёлетні год – гэта год навядзення парадку, і трэба зрабіць усё, каб наша Беларусь была прыгожай, у кветках і зелені. У кожнай вёсачцы, аграгарадку, у кожным раёне, вобласці – на кожным пятачку павінны быць высаджаны дрэвы. І задача прынята да безумоўнага выканання. Высадка лесу прадстаўнікамі многіх арганізацый, прадпрыемстваў, школ, грамадскіх арганізацый стала ўжо добрай традыцыяй і праводзіцца на працягу 11 гадоў. У гэтым, дванаццатым па ліку годзе на Крупшчыне плануецца высадзіць каля мільёна саджанцаў.